Леонид Фридкин

Блог

© 2015  «Леонид Фридкин Блог» Сайт создан на Wix.com

  • Леонид Фридкин

Кансерватызм да замілавання і глыбокай прыемнасці


... З дзвярэй з'явіліся "кансерватыўныя славяне". Іх было два, і кансерватыўныя яны былі да замілавання і глыбокай прыемнасці.

У вышываных зрэбных кашулях, падпяразаных паясамі, у шарачковых портачках і новых бялюткіх анучках, светлыя тварам і валасамі, яны спускаліся сходамі на сярэдзіну амфітэатра да пяці вольных месцаў, якія чамусьці ніхто не заняў, і на іхніх нагах пераможна рыпелі пахучыя і навенечкія лубяныя лапці.

На лакцявых сугібах віселі зялёныя вярбовыя кашы з накрыўкамі, на паясах – грабянцы, крэсівы і дошчачкі, якія ўжываюць у глухіх мазурскіх вёсках, калі чэшуць галаву.

Шэравокія, светлавалосыя, іканапісныя, з вішнёвымі вуснамі і ненатуральна ружовымі шчокамі, яны вельмі нагадвалі аперэтачных пастушкоў.

– …Нараджэнне панславісцкай ідэі наспела, – кідаў палымяныя словы падслепаваты Рунін. – Дальнабачнасць гэтай ідэі і пашырэнне яе сведчаць аб тым, што славянам даўно час заняць першае сярод усіх месца, належнае месца…

"Славяне" ўрэшце занялі "належнае месца", шырока рассеўшыся на вольнай лаве.

Усе вакол сядзелі, як аглушаныя, не ведаючы, што рабіць.

Алесь і Грыма, як па камандзе, адчынілі вечкі кашоў, збіраючыся, відаць, "усмоктваць мудрасць".

– …разальецца, замест усяго гэтага, паток нашай традыцыйнасці, стойкага манархізму і праваслаўнай веры. Аб'яднаныя славяне возьмуць у свае рукі спадчыну дзядоў, Малую Азію, Цараград і пралівы. На святой Сафіі зноў пастануць крыжы, на браме заззяе Алегаў шчыт. Патрыярхі Антыёхіі і… іншых гарадоў павядуць далей справу хрысціянства ў сваіх землях, Палестына ўрэшце атрымае законнага гаспадара. Хіба не дурасць, сапраўды, што труна бога знаходзіцца ў руках язычнікаў?! Манастыры, з мудрымі Нестарамі і Піменамі, замест капішчаў…

– Глядзі, – шапнуў нехта.

"Славяне" дасталі з кашоў "скруткі пергаменту", склееныя, відаць, з папяровых аркушаў, скураныя чарніліцы і птушыныя пер'і, узвялі вочы ўгору і, памармытаўшы, пачалі пакрываць паперу вычварнай вяззю, не забываючы чырвонай фарбы для загалоўных літар. У Алеся было ў руцэ лебядзінае пяро, выкрадзенае ў заалагічным музеі універсіта. Грыма пісаў даўжэзным павіным пяром, здабытым, відаць, у нейкага фурмана.

Хартыі з ціхім шолахам спаўзалі на падлогу.

Людзі, нарэшце, пачалі разумець, што тут адбываецца. Помста такі прыйшла. Нечаканая, парадыйная, злая. Дык вось што яны задумалі! Малайцы! Не вытрымала, значыць, у людзей сэрца. Ёсць сапраўдныя хлопцы, што не дадуць нават малой подласці сысці без пакарання.

Сям‑там у радах пачалі пырскаць.

Меўся адбыцца грандыёзны скандал, і толькі адчуванне гэтага стрымлівала пакуль што аўдыторыю ад гамерычнага рогату.

– І што ж? – тэатральна ўзняў рукі прафесар. – На шляху высакароднай ідэі, адчуваючы яе небяспечнасць, сталі ворагамі. Туркі, сардынцы, французы, англічане… Але не толькі яны. Супраць ідэй перш за ўсё паўстала здрада! Здрада, якую патаемна неслі ў сэрцы найбольш утрапёныя элементы грамадства. Усіх іх яднала забыццё прынцыпаў народнай маралі і забыццё народных традыцый, гнілое заходніцтва, якое завялі ў нас Бялінскі, Гэрцэн і К°, пагоня за няпэўнымі і падазронымі навінкамі…

Два кансерватыўныя славяніны дасталі надмерана вялікія маноклі і спрытна паднеслі іх да вачэй.

Нехта ў апошніх радах зарагатаў, і гэта прагучала ў поўнай цішыні, дзе толькі душыліся ад прытоенага смеху людзі, дзіка, як смех фальклорнага героя на хаўтурах. Рагатуну, відаць, заціснулі рот…

– …пагоня за моднымі плынямі чужой філасофіі, пагоня за сацыялістычнымі трызненнямі… Здраднікі выступілі супраць неабарачальнага і заканамернага вышэйшай заканамернасцю гістарычнага працэсу: працэсу ўтварэння аднаго панславянскага народа…

Відаць, кансерватыўныя славяне вырашылі падсілкавацца. З кашоў з'явіліся патрэсканыя і тугія, як гума, калёныя яйкі, скрылёчкі сала, дзве бутэлькі з журавінавым квасам і, нарэшце, гаршчочак з кашай.

"Славяне" лупілі яйкі і запівалі іх квасам, які пакідаў пад носам чырвоныя вусы. Елі сала, выціраючы рукі аб падстрыжаныя "страхою", на купецкі манер, валасы.

Цяпер смяяліся, заціскаючы раты, дзесяткі людзей.

– Украінафільства, якое падаграваюць аўстрыйскія агенты… Гэтая справа з Шаўчэнкам і нейкай Наталкай‑Палтаўкай на чале… Абмежаваная колькасць фантазёраў, якія лічаць, што Маларосія, маларосы з'яўляюцца чымсьці асаблівым са сваёй нераспрацаванай гаворкай і сваімі чумакамі і могуць існаваць, не адчуваючы патрэбы ў агульнай славянскай айчыне, імператары і ўсходнім праваслаўі…

Грыма глядзеў на гаршчочак кашы з непамерным здзіўленнем. Выгляд у яго быў такі, што бліжэйшыя рады грымнулі смехам. Грыма неўразумела паглядзеў на іх. Рогат выбухнуў мацней.

Палічыўшы гэта рэакцыяй на свой неадольны гумар, прафесар перайшоў на пафас.

– Як у немцаў Германія вышэй за ўсё, так у нас наш гасудар вышэй за ўсё. І мы маем поўнае права крыкнуць: рукі прэч, і няхай будзе наш народ з яго гасударам вырашальнікам лёсу народаў!

Усяслаў урэшце здагадаўся, як быць з кашай. Выняў з вачніцы манокль і пачаў чэрпаць ім кашу.

І тут рады не стрымаліся: пакаціўся па лавах вышэй і ніжэй, захапляючы ўсё новыя сектары, неадольны, магутны, гамерычны рогат.

......

... – Жарты прэч… Нам абрыдзеў ваш панславіцкі смярдзёж… Абрыдла гэта маска драпежнасці… Нам абрыдлі вы. Вы пэцкаеце самае імя нашай радзімы, наша імя, наш незаплямлены гонар.

– Вы не патрыёты!

– Мы патрыёты больш на вас. Але мы не хочам велічы за кошт іншых народаў. Бо ўсе людзі зямлі – браты. І ўсе яны падобныя адзін на аднаго і на нас. На свеце няма горшых народаў… А калі ёсць, то іх робяць такія, як вы.

Уладзімір Караткевіч,

"Каласы пад сярпом тваiм". Кніга 2. "Сякера пры дрэве"


Просмотров: 19