• Леонид Фридкин

З запiсных кнiжак У.Караткевiча-3: Лічыльны сабака

Пост обновлен 25 нояб. 2019 г.


У аднаго быў сабака, які ўмеў лічыць. Вы скажаце: нічога дзіўнага, калі той чалавек быў матэматык, гэтыя каго хочаш нацягаюць. Але сабака лічыць не ўмеў. Ён проста глядзеў на гаспадара (ці на каго іншага, калі таму прапанавалі праэкзаменаваць сабаку самастойна), а паколькі ў сабакі і перадавальны, і прыёмны апараты ў мільён разоў больш дасканалыя, чым у чалавека, то ён улоўліваў правільную адгадку, калі пра яе думалі (так, як мы часам ведаем аб тым, што падумаў блізкі чалавек), і адпаведную колькасць разоў гаўкаў. Слава аб сабаку разнеслася на свеце. І аднойчы да гаспадара з’явіўся здзіўляцца (трохі-трохі) ягоны начальнік. Наўрад ці ён быў дырэктар інстытута матэматыкі, але, ва ўсякім разе, значная ў ім асоба.

Псу задалі пытанне, колькі чалавек стаіць перад ім, і ён гаўкнуў два разы.

— Вы можаце… і больш складаную задачку, шэф, — сказаў гаспадар.

— Гм… ну… ну… ну, вы самі задайце.

— Не, трэба каб вы. Прабачце.

— Ну… колькі будзе двойчы два.

Сабака гаўкнуў пяць разоў і ўсе, уключаючы гаспадара (які, праўда, абураўся моўчкі), былі страшэнна абураныя.

— Гнаць яго такога ў шыю!

— Не разумею, — сказаў шэф, — чаго вы абураецеся? Правільна, пяць.

— Яно так, — сказаў нехта.

А сам сабе падумаў, што гаспадар сабакі — быдла. Маўчаў. І што сабаку трэба было гнаць аніяк не за невуцтва, за ліслівасць.

І ніхто не ведаў, што ліслівасць тут была ні пры чым. Сабака не ўмеў лічыць. Ён цалкам пакладаўся на чалавечую думку. Асабліва калі гэта думка — шэфава.


Просмотров: 0

Леонид Фридкин

Блог

© 2015  «Леонид Фридкин Блог» Сайт создан на Wix.com