Сёлета віленския ўлады мудра вырашылі навагодні салют не праводзіць. Хтосьці здзівіцца, а можа і абураецца. Але начальства ведала, што робіць (у гэтым выпадку). На салюце зэканомілі, а гандаль піратэхнікі не толькі не забаранілі, але і не абмежавалі. Таму ў ноч з 31 на 1 неба над Вільняй палала суцэльная зарыва асабістых салютаў неабыякавых мяшканцаў.
Вось яна якая, грамадзянская супольнасць. Заўсёды сама сябе громам-маланкай парадуе, калі начальства не паклапацілася. Ізноў жа казна не толькі зэканоміла, але і папоўнілася. У калядна-пераднавагоднія тыдні ва ўсіх крамах рознакаліберныя феерверкі ішлі нарасхват.
Аднак чатырохногая грамадскасць гэткую актыўнасць не ўхваліла. Таму 1 студзеня віленскія сабакі выйшлі на ранішнюю прагулку не толькі позна, але і ў мінорным настроі.
Пры сустрэчы, замест традыцыйнага абнюхвання-абгаўквання, сабакі сумна ківалі адзін аднаму.
- Ну, як ты пасля ўчора-рр-рашняга?
- Хр-р-рэнава. А ты?
- Аналагічна. Гэтыя двухногія наогул азвярэлі. Толькі лёг, скруціўся ямчэй - бух! Бах! Тарарах! І так амаль усю ноч. Я ўжо не ведаў, як іх суняць. Там, звонку ні на гаў, ні на рык, ні на енкі не рэагуюць.
- Які ўжо там рык. Нават выццё не дапамагае. Ды яшчэ асабісты двухногі то рагоча, то пашчу затыкае.
- А на маю думку, цалкам мілы салют - устрэвае ў гутарку Беня - шумна, весела. Я спецыяльна на балкон папрасіўся, каб лепш відаць і чуваць было.
- Вы, вестыкі, наогул на ўсю галаву хворыя - абураецца нейкі коргі - Гэтыя салюты ў людзей - проста жудасць нейкая. Што там мілага і, тым больш, прыгожага?
- Усё прыгожа, - упарціцца Беня, - і ёлкі, і салюты. Як паўночнае ззянне. Як у тундры ці нават на полюсе. Вунь, хаскі пацвердзіць – ягоная парода якраз з паўночных мясцін.
- Мне адкуль ведаць, - дзівіцца блакітнавокі хуліган, - я паўночней Куршскай касы зроду не бываў. І, дарэчы, трываць гэтага салютнага шуму таксама не магу. Адна ад яго карысць - пакуль мае двухногія ў акно тарашчыліся, я ўсе цукеркі са стала пацягнуў.
- Хто наогул там шалее? - абураецца нервовая чыхуа-хуа - усе сумленныя людзі на свята павінны па хатах сядзяць, усялякія прысмакі есьці ды з намі дзеліцца. А тут напэўна нейкія чэрці на вуліцы брыдкаюць.
- Гэта тыя двухногія песцяцца, у якіх сваіх сабак няма - аўтарытэтна растлумачыла бордэр-коллі - Іх выхоўваць некаму, вось і гарэзуюць.
- За паўночнае ззянне не скажу, - асцярожна ўстрымлівае сумны пудзель, - але салюты - гэта нявіннае пястота. Няхай сабе гарэзуюць. Паслухайце старога адэсіта: пакуль ад іхняга бабахання на зямлі нічога не разбураецца, няма чаго ткі хвалявацца. Цешцеся, што хаты яшчэ цэлыя і ўсё пакуль жывыя-здаровыя...
Comments