top of page

З запiсных кнiжак У.Караткевiча-1


Чалавек, які лічыць дэмаграфічны выбух за глупства (і шкоднае):

— А ведаеш, што калі збярэш усіх людзей з цэлага свету і паставіш аднаго каля другога, то яны змесцяцца на чатырох квадратных кіламетрах. Праціўнік (змрочна):

— А калі замарыць усіх людзей голадам і закапаць іх побач, то яны зоймуць плошчу толькі некалькi гектараў.

***

Т. К. у сваім раздзеле кнігі пра Слонім, апісваючы ягоную сучасную прамысловасць і пералічваючы розныя там заводы, чорным па белым надрукаваў: «Муха-пер’евая фабрыка».

Для гісторыі беларускага горада Глупава. Ловяць мух і дзяруць з іх пер’і.

1963

Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народ-межеумок, сказалі б расіяне). Заўсёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе…

… мне нічога і нікога не трэба, акрамя гэтых людзей, якім я непатрэбен і якім непатрэбна іх імя.

Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытрымаем — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыццё маральнай стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы…

***

Бусліны і чалавечы закон (якая розніца). Буслы асудзілі.

— Калі хочаш — ідзі. Пайшоў. Тыя паляцелі. Застаўся апошні клін. Не шкадавалі слабога.

— Пайду да іх. Лепей няхай задзяўбуць мяне свае птушкі, чым памёрці ад голаду, дажджу, снягоў.

Дзеці падабралі. Зіма. Вясной паляцеў да іх.

— Гл[ядзіце], які прыгожы. Няўжо гэта наш?

Прынялі. Палёт. Ён не сказаў ім: «А вы ж хацелі мяне забіць».

Ён хацеў да іх. Усё ж не месца буслу ў людзях, як і чалавеку ў буслоў. Кожны хай побач, але сам сабе. Цяпер буслы гэтага не робяць. Выправіліся.

Вось якая была розніца паміж законам буслоў і законам людзей. Сапраўдных людзей.

Ёсць, праўда, і іншыя людзі. Але мы іх не будзем запрашаць у казку. Не будзем… паганіць іхнім імем язык?

***

Размова ў гразелекаванні

— Кожны дзень то лужына, то гразь. Як свінні.

— Пайшла кудысь і нас замест 15 хвілін 35 пратрымала. Клікалі-клікалі, а пасля млявасць і клікаць не хочацца, а сэрца пасля ўвесь дзень, як авечы хвост.

— Так і памерці можна.

— Вельмі проста. Ну, але ж пасля памыюць.

— Вядома памыюць. Хрысціяне ж. Ды толькі вам гэта ўжо не дапаможа.

***

Цар-гармата і цар-звон — гэта пагарда да законаў прыроды і механікі, якія ўжо тады добра ведалі, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, весам. Сотні людзей пакутваюць, здабываюць жалеза і медзь, цягнучы яго, задыхаючыся дымам ля форм. І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў у зямлі, развальваўся на часткі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў. Гармата пужае людзей, прывівае ім ідэю рабства (яны ж такія малюсенькія перад ёй, такія мізэрныя і нязначныя) і едзе за стральцамі на парадах.

Звон навявае глыбакадумныя разважанні з пачосваннем некаторага месца: «Вось каб яно бэнкнула, што б яно было, га?! Зямля б луснула, пэўна, браточкі мае».

І мастакі прыўкрашаюць гэта, трацяць талент і сілы на недарэчнасць, на ўслаўленне тыраніі, робяць з гэтага твор мастацтва, якім мы захапляемся.

***

Беларусь — гэта «не бог, не царь и даже не герой». Беларусь — гэта сівы мох у бары. І над ім востры ядловец. А пад ім — бацькі, якія за кожную пядзь.

За кожны родны гук.

І таму, што б ні было — служы. Песціць — гэта ўсякі будзе цягнуцца. А вось пакрыўдзіла — уздай дабром, б’е — абарані, у дзярмо ўтаптала — глотку за яе перарві. Гэта не яна.

Які б ні быў — служы. Мову па дурасці забыў — нават і тут, папрашайка, жабрак няшчасны — і тут служы. Можа табе, за гэта хоць частку правіны даруюць і мох, і ядловец, і бацькі, і неба.

***

№ 5 «Нов. мир» 1980 г. Артыкул Андрэя Нікіціна «Восхождение к человеку».

— Самая пагарджальная група чалавецтва — г…чысты.

— Э-э, не скажыце. Вось забастуюць яны ў вялікім горадзе (ну, у малым даўжэй баставаць давядзецца), тады будзеце ведаць ім цану… нікчэмным і агідным… Але ёсць група чалавецтва сапраўды самая пагрэбаваная і паскудная.

— Хто?

— Стукачы.

— Але ж таксама гігіена грамадства. Ну вось што будзе, калі яны забастуюць?

— Гэтыя не забастуюць.

— Ну а ўсё ж… Што тады будзе?

— Рай на зямлі. Зямля спакою. Вось што тады будзе.

***

Арыгінальная жанчына. Усё не як ва ўсіх. Знайшла ў капусце не дзіця, а будучага мужа: смяротна п’яны заблукаў у гарод і спаў там між градак.

***

Чалавек б’е доўбняй па галаве таму, што не паспеў прызвычаіцца да думкі, што мозг — змястоўня розуму. Гэта думка маладая. Ёй усяго дзве з паловай тысячы год, нават крыху менш (Алкмеон, вучань Піфагора).

***

Усё трэба рабіць з законнага пратэсту супраць формул і форм, якія талдычаць і талдычаць, бубняць і бубняць — па інерцыі, па дурной ляноце розуму, і якія да таго ж нядрэнна аплочваюцца.

Кажуць: радзіме трэба ўсё дараваць. Прыкрываюцца гэтымі словамі. Але людзі — гэта не радзіма, яны — не радзіма.

І таму скажам так: не даруй, прыпомні з часам. Але не злосціся на маці за дурных дзяцей… Не помсці маці за балваноў-сыноў, ёй ад іх і без цябе кепска (яе ад іх і без цябе нудзіць).


Мы в соцсетях
  • Иконка Twitter с длинной тенью
  • Иконка Google+ с длинной тенью
  • Иконка Facebook с длинной тенью
  • Иконка LinkedIn с длинной тенью
bottom of page