top of page

З запiсных кнiжак У. Караткевiча-2

***

Часам, у злыя гадзіны, я нават не ведаю, ці люблю я беларусаў, да якіх маю гонар належаць. За бязмежную цярпімасць да таго, да чаго не трэба, за мяккасць, што мяжуе з рэптыльнасцю, за тое, што яны занадта сумленныя і «верныя Янукі». Але нават у тыя хвіліны я разумею, з пагардай да самога сябе (бо яны — гэта я), што адна справа не любіць чалавека і зусім іншая — не ратаваць яго, калі ён топіцца.

Я стану ратаваць. Нават цаною гэтай паношанай шкуры і спрацаваных мазгоў, якія падсохнулі ўжо і тарахкаюць.

І хаця на таўшчыню воласа, наколькі хопіць маёй сілы, я прыбліжу да іх паратунак. Уратую іх.

***

Гор Відал. Віцэ-прэзідэнт Бэр.

Прызнак спеласці нацыі, калі яна можа ўжо адмовіцца ад двухсотгадовай хрэстаматыйнай легенды пра сваіх герояў, легенды, ад якой ужо бляваць хочацца, і мае смеласць, не баіцца сказаць пра іх праўду ў вочы. Вось кепскі военаначальнік Вашынгтон, вось Джэферсан, які піша «Дэкларацыю правоў чалавека», адзін з лепшых дакументаў чалавечай гісторыі, ведучы гаспадарку (і не ўяўляючы яе іншай), будуючы яе на працы чорных рабоў. Здзівіўся б, каб яму сказалі, што гэта палавінчатасць і крывадушнасць. Ну так, такія яны былі. А я, скажам, ведаючы шмат праўды аб дзеячах некаторых нашага адраджэння, не маю права гаварыць яе, бо мы не даспелі, бо я магу спаскудзіць высокую справу, якую яны, нягледзячы ні на што, рабілі, часта цаной жыцця і пасмяротнага дзярма, вылітага на іх магілы.

Горш таго, не маю права, бо сумленныя людзі палічаць, што я змыкаюся з Бэндамі (па-латышску «кат»), Абэцэдарскімі, скажальнікамі і перакручвальнікамі праўды і гісторыі, з пяткалізамі ўсіх масцяў.

Скажуць, што я раблю гэта з выгады, з угодніцтва перад сільнымі, чаго я ніколі не рабіў і чым усё жыццё пагарджаў.

Рана, няўчасна. Дайце юнаку вырасці і не баяцца самай жорсткай праўды пра сябе.

***

Прачытаў «Хроніку забойства, пра якое ведалі ўсе» Габрыэля Гарсіа Маркеса (Cronika de una muerto anunciada). Упершыню ўбачыў партрэт Маркеса. Мне здавалася, што гэта вытанчаны, сівы, па-інтэлігентнаму сухі чалавек з тонкім абліччам. А гэта сумесь Фернандэля і каўказца на рынку.

Адзінства формы і зместу. Ідыёцкае часам запатрабаванне, наконт класіцыстычных адзінстваў. А сядзіць яно ў нас. Ну, пісалі, вядома, Андэрсен пра жабу, Гюго пра Квазімоду, але сядзіць у нас, упарта, што прыгожая жанчына не можа быць сукай, што Хрыстос — верх мужчынскай прыгажосці (а гэтага не было), што той самы Андэрсен павінен быў мець аблічча тэатральнага любоўніка. І таўчэм мы гэта і таўчэм.

…Урэшце, азірнуўся на сваю морду. Я не зусім, здаецца, паганы чалавек, а… святых вон вынось. І суцяшэнне, што добрае віно можна піць і ў грубай шклянцы зялёнага шкла. А недзе варушыцца, што лягчэй за ўсё з крыштальнага келіха. А Маркес усё ж застанецца для мяне тым, выдуманым. А для сябе пакіну, што ў яго добрыя вочы і злом броваў і смяецца белазуба. І яшчэ, што ён падобен на Шата Нішніянідзе, дужа харошага чалавека на маім шляху.

***

Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,

Свінні — рыцца ў гноі сваім,

А льву патрэбны калючы гушчар,

Родны край і свабода ў ім.

П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў

Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,

Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,

Бо мы — сапраўднай крыві.

Мы в соцсетях
  • Иконка Twitter с длинной тенью
  • Иконка Google+ с длинной тенью
  • Иконка Facebook с длинной тенью
  • Иконка LinkedIn с длинной тенью
bottom of page